Адкрыць асноўныя матэрыялы

Парады на ўсе часы

Парады на ўсе часы

УЯВІЦЕ: вы прыйшлі на экскурсію ў музей старажытнасцяў. Разглядаючы экспанаты, вы заўважаеце, што большасць з іх маюць пашкоджанні і пацмянелі ад часу. У некаторых нават адсутнічаюць цэлыя фрагменты. Але вось што цікава: адзін экспанат знаходзіцца ў цудоўным стане, так што можна разглядзець самыя дробныя дэталі. «Ён больш позняга часу?» — пытаецеся вы ў экскурсавода. «Не,— адказвае ён.— Гэта адзін з найбольш старажытных экспанатаў, яго ні разу не рэстаўравалі». «Напэўна, яго беражліва захоўвалі?» — цікавіцеся вы. «Не,— пярэчыць экскурсавод.— Ён зведаў уздзеянне ветру і дажджу, і вандалы не раз спрабавалі яго сапсаваць». Хутчэй за ўсё, вы ў здзіўленні спытаеце: «З чаго ж ён зроблены?»

У нейкім сэнсе Біблію можна параўнаць з такім унікальным экспанатам. Безумоўна, да нас дайшлі і іншыя старажытныя кнігі, але большасць з іх моцна пацярпелі ад часу. Да таго ж, апісаныя ў іх уяўленні аб навакольным свеце, супярэчаць сучасным фактам. Узгаданыя ў іх метады лячэння — хутчэй пагроза для здароўя, чым рэальная дапамога. Ад многіх старажытных рукапісаў засталіся толькі фрагменты. Значная частка тэксту адсутнічае або моцна пашкоджана.

Біблія вылучаецца на фоне іншых старажытных кніг. Яе пачалі пісаць больш за 35 стагоддзяў назад, але яна дайшла да нас у нязменным выглядзе. Увесь гэты час яе пастаянна спрабавалі знішчыць: яе спальвалі, забаранялі і высмейвалі. Але яна вытрымала ўсе гэтыя нападкі. Паступова людзі рабілі новыя навуковыя адкрыцці і станавілася зразумела, што Біблія не толькі не ўстарэла, але, наадворот, нашмат апярэдзіла свой час. (Глядзіце рамку «Устарэла альбо апярэдзіла свой час?».)

Маральныя каштоўнасці, якія неабходны сёння

Магчыма, вы спытаеце: «Няўжо біблейскія парады могуць быць карыснымі ў наш час?» Каб адказаць на гэта пытанне, падумайце, з якімі найбольш сур’ёзнымі праблемамі сутыкаюцца людзі сёння. Большасць скажа, што гэта войны, забруджванне навакольнага асяроддзя, злачыннасць і карупцыя. А зараз прачытайце прыведзеныя ніжэй прынцыпы з Бібліі і спытайце сябе: «Ці стане свет лепшым, калі людзі будуць жыць па гэтых прынцыпах?»

ЛЮБОЎ ДА МІРУ

«Шчасныя міратворцы, бо іх назавуць сынамі Божымі» (Мацвея 5:9). «Наколькі магчыма ды наколькі ад вас залежыць, жывіце з усімі людзьмі ў згодзе» (Рымлянаў 12:18).

МІЛАСЭРНАСЦЬ І ГАТОЎНАСЦЬ ДАРАВАЦЬ

«Шчасныя міласэрныя, бо яны атрымаюць міласэрнасць» (Мацвея 5:7). «Будзьце ж між сабой спагаднымі, міласэрнымі, даруйце адны адным, як і Бог дараваў вам у Хрысце» (Эфесцаў 4:32).

РАСАВАЯ НЕПРАДУЗЯТАСЦЬ

Бог «з адной [крыві] учыніў увесь род чалавечы, каб пражываў на ўсім абліччы зямлі» (Дзеі 17:26). «Бог не зважае на асобу, але ў кожным народзе мілы яму той, хто баіцца Яго і служыць справядлівасці» (Дзеі 10:34, 35).

БЕРАЖЛІВАЕ СТАЎЛЕННЕ ДА ЗЯМЛІ

«Узяў Госпад Бог чалавека і памясціў яго ў раі ў Эдэне, каб рупіўся пра яго і сцярог яго» (Роду 2:15). Бог вызначыў «час загубы для тых, што губяць зямлю» (Адкрыццё 11:18).

НЯНАВІСЦЬ ДА ПРАГНАСЦІ І РАСПУСТЫ

«Высцерагайцеся ўсякай хцівасці, бо, калі хто і мае дастатак, яго жыццё не ў тым, што мае» (Лукі 12:15). «Распуста ж і ўсякая нячыстасць або сквапнасць хай і не ўзгадваюцца ў вас, як і належыць у святых» (Эфесцаў 5:3).

СУМЛЕННАСЦЬ І ПРАЦАВІТАСЦЬ

«Ва ўсім хочам паводзіцца сумленна» (Гебраяў 13:18, пераклад В. Сёмухі). «Хто краў, хай ужо не крадзе, лепш хай працуе» (Эфесцаў 4:28).

ГАТОЎНАСЦЬ ДАПАМАГАЦЬ ІНШЫМ

«Пацяшайце маладушных, апякуйцеся над хворымі, будзьце цярплівымі да ўсіх» (1 Тэсалонцаў 5:14). «[Апякуйцеся] над сіротамі і ўдовамі, дапамагаючы ў іх бедах» (Якуба 1:27).

Біблія не проста пералічвае гэтыя прынцыпы, яна таксама дапамагае цаніць іх і прымяняць у сваім жыцці. Падумайце, колькі праблем можна было б вырашыць, калі б людзі жылі па гэтых прынцыпах! Відавочна, парады з Бібліі актуальныя і патрэбныя як ніколі раней. Але як Біблія можа дапамагчы вам ужо сёння?

ПАРАДЫ З БІБЛІІ МОГУЦЬ ДАПАМАГЧЫ ЎЖО ЗАРАЗ

Адзін мудры чалавек калісьці сказаў: «Апраўдана мудрасць справамі сваімі» (Мацвея 11:19). Ці згодны вы з гэтым? Аб тым, наколькі мудрая парада, можна судзіць па выніку ад яе прымянення. Магчыма, вы думаеце: «Калі Біблія сапраўды карысная кніга, значыць, яна павінна палепшыць і маё жыццё. Як яна дапаможа вырашыць мае праблемы?» Разгледзім прыклад адной жанчыны.

У Ірыны * было радаснае і насычанае жыццё. Аднак раптоўныя трагічныя падзеі ўсё змянілі. Спачатку памерла яе дачка. Потым яе пакінуў муж. У яе пачаліся матэрыяльныя цяжкасці. Ірына распавядае: «Я ўжо не ведала, хто я: у мяне не было ні дачкі, ні мужа, ні жылля. Я згубіла сябе, засталося толькі пачуццё бездапаможнасці і безнадзейнасці».

На ўласным вопыце Ірына пераканалася ў праўдзівасці такіх слоў: «Мы жывем семдзясят гадоў, а той, хто больш моцны,— восемдзясят. І ўсе гэтыя гады напоўнены горам і пакутамі, яны хутка мінаюць, і мы знікаем» (Псальм 90:10, пераклад «Новы свет»).

У цяжкі час Ірыне дапамагла Біблія, яна змяніла яе жыццё. У наступных артыкулах вы ўбачыце, як Біблія дапамагла і іншым людзям вырашыць іх праблемы, калі яны пачалі выкарыстоўваць яе парады ў сваім жыцці. Біблія падобная да таго ўнікальнага экспанату ў музеі, пра які ўзгадвалася ў пачатку артыкула. Яна вылучаецца на фоне мноства іншых кніг, якія з цягам часу губляюць сваю актуальнасць. Можа, гэта таму, што яна зроблена з зусім іншага «матэрыялу»? Можа, у ёй сапраўды запісаны думкі Бога, а не людзей? (1 Тэсалонцаў 2:13).

Магчыма, вы таксама згодны з тым, што жыццё кароткае і поўнае цяжкасцей. Дзе вы шукаеце парады і падтрымку, калі сутыкаецеся з праблемамі?

Разгледзім, як Біблія можа дапамагчы асабіста вам. Яна можа навучыць, як:

  1. 1) пазбягаць праблем, калі гэта магчыма;

  2. 2) вырашаць праблемы, якія ўжо існуюць;

  3. 3) жыць з праблемамі, якія немагчыма вырашыць.

Гэта будзе абмяркоўвацца ў наступных артыкулах.

^ абз. 24 Імя зменена.